Большасць зваротаў на прамую лінію старшыні Камітэта дзяржкантролю краіны Зянона Ломаця тычылася праблем у будаўнічай сферы і жыллёва-камунальнай гаспадарцы.
За тры з паловай гадзіны прамой тэлефоннай лініі Зянон Ломаць паспеў адказаць на 51 званок. Усяго ж спроб дазваніцца было больш за 4 тысячы. У асноўным людзі незадаволены няякаснай працай будаўнікоў і памылкамі праекціроўшчыкаў. На дрэнную вентыляцыю, вільгаць, грыбок на сценах у новых кватэрах і рост цэн на жыллё скардзіліся члены жыллёва-будаўнічых кааператываў №№ 225, 269 (г.Брэст), №23 (г.Маларыта), №157 (г.Пінск), №16 (г.Столін). Як заўважыў старшыня Камітэта дзяржкантролю краіны, праблема ў жыллёвай сферы дасягнула пункту кіпення – і настаў час навесці парадак.
Многія з патэлефанаваўшых узнялі праблемы ў рабоце жыллёва-камунальных службаў – няякасны капітальны рамонт у старых будынках, завышаная аплата паслуг камунальнікаў і абыякавыя адносіны да зваротаў грамадзян. Прагучалі такія адрасы старых будынкаў, як Дзяржынскага, 27 і Камсамольская, 30 у Брэсце.
Генеральны дырэктар абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне ЖКГ” Сяргей Лабанаў паведаміў, што ў курсе агучаных праблем, па пэўных прычынах пакуль капітальны рамонт праводзіцца ў гэтых дамах не будзе, аднак паабяцаў яшчэ раз разгледзець сітуацыю.
Некаторыя званкі адкрылі сур’ёзныя праблемы, у якіх яшчэ трэба будзе змястоўна разабрацца і знайсці вінаватых. Супрацоўнікам дзяржкантролю неабходна высветліць, як атрымалася, што ў Івацэвіцкім раёне няма свайго судмедэксперта. Асаблівую ўвагу старшыні Камітэта дзяржкантролю выклікалі просьбы берасцейцаў аб добраўпарадкаванні дарог і правядзенні камунікацый па вуліцы Петрапаўлаўскай, а таксама ў раёнах Аркадзія і Вулька абласнога цэнтра. Пытанні таксама тычыліся галін адукацыі, аховы здароўя і працоўнага заканадаўства. Па ўсіх зваротах цяпер праводзяцца праверкі.
Што зроблена?
Таццяна Мікалаеўна, настаўніца адной са школ Маскоўскага раёна г.Брэст звярнула ўвагу на тое, што ў школах няма крэйды. Яе, па словах жанчыны, прыходзіцца купляць за свае грошы, між тым, у магазінах не заўсёды ёсць крэйда адпаведнай якасці.
Юрый ПРАСМЫЦКІ, начальнік аддзела адукацыі Маскоўскага раёна г.Брэст:
– Праблемы з забяспечанасцю школ раёна крэйдай няма. Факты, якія назвала ў сваім звароце настаўніца, не маюць абгрунтавання. Гэтае пытанне кожная навучальная ўстанова вырашае ў індывідуальным парадку. У 2009 годзе на закупку крэйды райаддзелам быў затрачаны 1 мільён 439,5 тысячы рублёў, а ў 2010 годзе – ужо 1 мільён 17 тысяч рублёў. Крэйду ў асноўным школы закупляюць у пачатку навучальнага года і яе хапае, каб забяспечыць навучальны працэс.
Але якой якасці гэтая крэйда, – пэўна, варта праверыць…
Людміла Яраславаўна РУСАК з вёскі Ямічна Мілавідскага сельсавета Баранавіцкага раёна паскардзілася на якасць медыцынскага абслугоўвання: урачэбная амбулаторыя знаходзіцца ў 8 кіламетрах ад вёскі, а бліжэйшая бальніца – у 50-ці кіламетрах. Аўтобус ходзіць два разы на тыдзень. Ды і якасць абслугоўвання ў амбулаторыі не на ўзроўні: можна толькі ціск памераць і таблетку атрымаць.
Нэлі ФУРС, загадчыца Баранавіцкай гарадской паліклінікі №3 установы аховы здароўя “Баранавіцкая цэнтральная раённая паліклініка”:
– Адразу ж пасля звароту група спецыялістаў выехала ў вёску Ямічна. У мясцовым ФАПе ёсць уся неабходная інфармацыя для грамадзян. Кожны чацвер згодна з графікам прыём вядзе ўрач. Немэтазгодна назначаць яшчэ адзін дзень прыёму пацыентаў, бо колькасць жыхароў у вёсцы Ямічна складае 73 чалавекі, а ў суседніх Падасаўцах – 27.
Што тычыцца Мілавідскай амбулаторыі, дык нагрузка на неўкамплектаваны медперсанал вельмі вялікая. Нягледзячы на гэта, кожны, хто звяртаецца, можа атрымаць кваліфікаваную дапамогу. Мы падлічылі, што ў мінулым годзе кожны жыхар вёскі Ямічна ў сярэднім за год 6 разоў атрымліваў медыцынскія паслугі. На выклікі аператыўна рэагуе “хуткая дапамога”, а ўрачы ажыццяўляюць выязныя прыёмы пацыентаў.
P.S. Такое невялікае журналісцкае расследаванне паказала, што адказныя асобы адрэагавалі на звароты грамадзян, але ўзнятыя пытанні яшчэ не вырашаны. Праўдзівасць некаторых званкоў увогуле неабходна праверыць. Супрацоўнікі дзяржкантролю займаюцца вывучэннем згаданых у матэрыяле праблем, і мы будзем сачыць за развіццём падзей.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”







